У зводкі па надзвычайных сітуацыях, якія паступаюць у халодны час году, рэгулярна трапляюць звесткі пра згарэлыя або разбураныя прыватныя дамы. І прычынай чаму становяцца не толькі непатушаная цыгарэта або няспраўная печ, але і звычайны ацяпляльны кацёл.
Асноўная прычына, па якой узрываюцца катлы, — гэта замярзанне сістэмы ацяплення. Вада ў трубах перастае цыркуляваць. Паліва пры гэтым працягвае гарэць. Унутры чыгунных секцый катла або труб закіпае вада. Пры гэтым ціск пара ўнутры сістэмы пачынае вельмі хутка ўзрастаць. У нейкі момант будзе дасягнута крытычная адзнака ціску, якую метал не вытрымлівае – і якімі будуць наступствы разбурэнняў труб і секцый катла, прадугадаць ужо немагчыма. Справа ў тым, што адначасова ў замкнёную прастору выкідваецца вельмі вялікі аб’ём паравадзяной сумесі. Ціск унутры памяшкання імкліва расце, i ў лепшым выпадку ўсё скончыцца выбітымі шыбамі. Пры горшым раскладзе будуць разбураны канструкцыі памяшкання.
Слабыя месцы, дзе сістэму ацяплення можа “прыхапіць” лядком – гэта расшыральныя бакі, цыркуляцыйныя трубы і халодныя памяшканні кшталту гарышча.
У зону рызыкі ў асноўным трапляюць тыя катлы, якія працуюць не пастаянна, а эпізадычна.
Перад пускам катла домаўладальнік павінен упэўніцца ў тым, што запорныя сістэмы мусяць быць адчынены адразу на двух трубапровадах – тым, які падае, і зваротным. Адкрыць трэба і ўсе запорныя ўстройствы, устаноўленыя на сістэме ацяплення. З ніжняга аддзялення дымавой трубы выдаліце кандэнсат. Гэта дапаможа пазбегчы атручэння чадным газам. Рэгулярна правярайце агалоўкі труб і каналаў дымаходаў. Перш чым распальваць кацёл, адкрыйце лінію падсілкоўвання сістэмы і кантрольную лінію запаўнення расшыральнага бака. Тое, што сістэма не замёрзла, стане ясна, калі вада пачне сцякаць з кантрольнай лініі.
Але ўявім сабе наступную сітуацыю: з кантрольнай лініі вада не пайшла. Што ж рабіць у такім выпадку? Калі ціск у катле няспынна расце і дасягнуў паказчыку вадапроваднай сеткі, то гэта сведчыць пра тое, што сістэма ацяплення замерзла. Пры такім раскладзе распальваць кацёл катэгарычна забаронена. Спадзявацца на тое, што пара праб’е ледзяную пробку не трэба – разам з гэтым яна разнясе і трубу з катлом. Трэба вызначыць прыкладнае месца замярзання ацяпляльнай сістэмы, адагрэць яго і праверыць, ці пацякла з кантрольнай лініі пры адкрытым сілкаванні вады. І толькі калі гэта адбылося, пачынайце распальваць кацёл, кантралюючы пры гэтым паказанні манометра. Калі ціск набліжаецца да максімальна дапушчальнага, тут жа спыняйце падачу паліва і выдаліце яго з катла ў бяспечнае месца. Бо гэта сведчыць аб тым, што сістэма ацяплення не адагрэта…
Нячаста, але здараецца і так, што замярзае сам кацёл. Як і трубу, адаграваць яго адкрытым агнём катэгарычна забаронена, рабіць гэта можна з дапамогай, напрыклад, гарачай вады. Аднак калі пры разагрэве вы ўбачылі, што з паверхні нагрэва пайшла вада – гэта значыць, што кацёл разгерметызаваўся. І дарога яму толькі адна – у рамонтную майстэрню. У такім стане да далейшай эксплуатацыі ён непрыдатны. Стальны кацёл спецыялісты перавараць, ну а ў чугунным яны заменяць пашкоджаныя секцыі і перапакуюць іх нанова.
Не падпускайце “кулібіных”.
Восем катлоў, якія ўзарваліся за апошнія пяць год, былі самаробнымі. Народныя ўмельцы сяк-так скляпалі ацяпляльныя агрэгаты. Але зразумела, што пры гэтым узнікае вялікая рызыка таго, што могуць пачацца праблемы з паверхнямі нагрэву, топкі, застойнымі зонам. У рэшце рэшт гэта заканчваецца тым, што вада пераграецца і кацёл разрываецца. Да таго ж улічыце, што на “самаробках” не ўстаноўлены, як правіла, ні тэрмометры, ні манометры, ні засцерагальныя клапаны.
І таму мы папярэджваем: не карыстайцеся самаробнымі катламі і не давярайце устаноўку сертыфікаваных агрэгатаў людзям, якія не маюць спецыяльнай кваліфікацыі. Тыя грошы, якія вы ашчадзіце на гэтым, могуць пасля агукнуцца пажарам, моцным разбурэннем ці цяжкімі траўмамі. Дык ці трэба рызыкаваць дзеля эканоміі сваёй маёмасцю, жытлом, а можа, і здароўем або нават жыццём?
Мантаж і наладку сістэмы ацяплення павінны праводзіць толькі спецыялізаваныя арганізацыі. Пры гэтым іх супрацоўнікі абавязкова павінны правесці навучанне карыстальнікаў катлоў і зрабіць пазнаку аб гэтым у пашпарце на агрэгат.
Дзяржаўны iнспектар Магілёўскага абласнога ўпраўлення Дзяржпрамнагляду I.I.Платоненка